International Legion for the Defence of Ukraine

КАПЕЛАН З БРАЗІЛІІ АБАРАНЯЕ УКРАІНУ

Падрэ, капелан 2-га Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны, вырас у Бразіліі сярод украінцаў. Ваенная сямейная традыцыя, веданне гісторыі і вера ў выніку прывялі яго ў Легіён. Тут, праз сваю штодзённую службу, як вайсковую, так і пастырскую, легіянер натхняе байцоў розных веравызнанняў з усяго свету змагацца побач з украінцамі супраць расейскага акупанта. Ён носіць зброю, каб абараніць сваё жыццё і сваю паству, але стараецца не выкарыстоўваць яе, бо бачыць перад сабой іншую місію: несці веру і Слова Божае.

 

— У мяне няма пазыўнога, — кажа вайсковы капелан. — Маё імя - айцец Макарый. Але хлопцы клічуць мяне “Падрэ”. Бо гэта слова азначае “айцец” па-партугальску і па-іспанску.

Ён палюбіў Украіну яшчэ ў дзяцінстве ў Бразіліі

 

Падрэ - праваслаўны святар. Ён нарадзіўся ў Бразіліі і вырас у маленькай вёсцы, дзе жыла вялікая ўкраінская дыяспара. Таму з самага дзяцінства легіянер добра ведаў украінскую культуру і гісторыю - і з таго ж часу палюбіў Украіну. Пазней, калі паступіў у семінарыю Украінскай Праваслаўнай Царквы, ён даў абяцанне служыць Богу, Украіне і ўкраінскаму народу:

 

— Я не сказаў сваёй сям’і, што еду сюды. Сказаў, што адпраўляюся ў падарожжа. Не ўдакладняў, у якую краіну. А калі мая маці даведалася, што я ва Украіне, я нават не мог уявіць, наколькі яна хвалявалася. А потым яна сказала цёплыя словы: «Я вельмі рада, што ты ўзяў на сябе гэтую місію - дапамагчы нашым братам ва Украіне. Будзь асцярожны, твая вера ў Бога будзе цябе абараняць, сынок».

Веданне гісторыі лечыць ад ілюзій

 

Шмат замежнікаў прыязджаюць у Інтэрнацыянальны Легіён, каб дапамагчы ўкраінскім вайскоўцам змагацца з ворагам. Але не ўсе з іх разумеюць, чаму расейцы прыйшлі забіваць украінцаў на іхняй зямлі, і наколькі глыбокая праблема ў расейска-ўкраінскіх адносінах.

 

— Часта легіянеры прыходзяць сюды з ілюзіяй, — кажа Падрэ. Яны не ведаюць, што такое Украіна, што такое гэтая вайна, калі пачалася гэтая праблема з расейцамі і ў чым яна заключаецца. У мяне ёсць свае групы ў WhatsApp і Facebook. Я пішу туды кожную раніцу. З просьбай да Бога аб абароне, любові і падтрымцы для салдат і іх сем’яў. А потым, прыкладна ў 18:00 кожны дзень, я дасылаю матывацыйны тэкст, дзе распавядаю пра гісторыю Украіны, культуру, традыцыі і пра тое, як пачалася гэтая праблема. Бо сітуацыя не новая. Яна вельмі, вельмі старая. Расейцы пачалі вайну ў 2014 годзе, але праблема значна глыбейшая.

 

Акрамя духоўнай падтрымкі, Падрэ дапамагае легіянерам усім, чым можа. Ён дапамагае разгружаць рэчы з грузавікоў, перакладае, калі патрэбны перакладчык. Шмат хто з хлопцаў у Легіёне размаўляе на іспанскай мове і не разумее ні ўкраінскай, ні англійскай.

У прыцэле варожых ІПсО

 

Актыўная дзейнасць капелана ва Украіне не засталася незаўважанай для ворага. Расейцы атрымалі фатаграфіі святара і пачалі выкарыстоўваць іх у сваёй звычайнай прапагандысцкай кампаніі. Так, яны актыўна распаўсюджвалі фота з Падрэ ў сацыяльных сетках, называючы яго нацыстам:

 

— Ёсць адна расейская група ў Telegram. Яны размясцілі маю фатаграфію і напісалі, што я воін, нацыст. Гэта жахлівыя рэчы. Але мая місія - гэта духоўная місія.

Мы не можам размаўляць на мове ворага

 

Усё сваё жыццё Падрэ марыў стаць вайсковым капеланам, бо ўся яго сям’я, у тым ліку бацька і дзед, былі вайскоўцамі:

 

— Для мяне быць тут і быць капеланам ва Украінскай арміі - гэта вялікі дар, дар ад Бога. Мы гаворым словы. І гэтыя словы жывуць у сэрцы салдата. Мой бацька заўсёды казаў мне: калі ў чалавека няма традыцый - ён мёртвы чалавек. Я люблю гэтую краіну, як сваю ўласную. Я прыехаў не дзеля грошай. Я прыехаў, каб служыць Богу і служыць народу гэтай краіны. Для мяне вялікі гонар быць тут. Дапамагаць людзям, дапамагаць замежным салдатам. І мне вельмі балюча, калі людзі пачынаюць размаўляць са мной па-расейску. Гэта выклікае агіду. Мы не можам размаўляць на мове ворага. Расейцы заўсёды хацелі знішчыць украінцаў, украінскую нацыянальнасць, украінскіх грамадзян.

Душа Легіёна

 

Падрэ карыстаецца заслужанай павагай сярод сваіх братоў - ваяроў. Ён сапраўды душа Легіёна - ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Камандаванне з цеплынёй і шчырай павагай гаворыць пра капелана:

 

— Ён вельмі яскравая асоба, — кажа маёр Аляксандр Якімовіч, камандзір 2-га Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны. — Ён сам з Бразіліі, але з’яўляецца прадстаўніком Украінскай цапквы ў Бразіліі. І вельмі пазітыўны. Хлопцы яго любяць. І сапраўды, ён дапамагае ва ўсіх духоўных патрэбах - прадстаўнікам усіх веравызнанняў і рэлігій, якія ёсць у нашым Легіёне.

Не пра рэлігію, а пра Бога

 

Падрэ з ахвотай дзеліцца сакрэтам такой камунікацыі з легіянерамі:

 

— У нас служаць салдаты розных веравызнанняў: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, мусульмане. Хтосьці мае веру, хтосьці не.  Некаторыя проста хочуць больш даведацца пра Бога. Я не размаўляю з імі пра рэлігію, я размаўляю пра Бога. Бо Бог - адзін. Напрыклад, быў у нас хлопец з Марока. Ён - мусульманін. Я прачытаў Каран тры разы. І калі я размаўляю з ім, я выкарыстоўваю словы з Карана, каб яго матываваць. І ён глядзіць на мяне: «Ойча, адкуль вы гэта ведаеце?» — Бо я чытаў тваю Кнігу, а ты - не! (смяецца — рэд.). Нашы дзверы адчынены для ўсіх. Мы ніколі не скажам чалавеку: ты грэшнік, ты ідзеш у пекла. Не. Мы так не робім. У нас нават ёсць атэісты. Я кажу ім: ніхто не ідэальны (усміхаецца — рэд.). У маёй краіне ёсць такі жарт:
«Мы можам быць атэістамі, пакуль не пастукае смерць, феміністкамі - пакуль не ўступім у шлюб, а камуністамі - пакуль не станем багатымі» (смяецца).

Падрэ ўпэўнены, што адпор маштабнаму ўварванню Расіі - гэта не толькі пра межы ці тэрыторыі, а перадусім пра барацьбу супраць бязбожжа і сусветнага зла:

 

— Расейцы хацелі забіць украінскую веру яшчэ ў савецкі час. Яны хацелі забіць веру ў Бога. Гэтая краіна (Украіна - рэд.) благаслаўлёная Богам.

Цяпер у Падрэ - новая паства, новыя браты і новы дом:

 

— Я не маю намеру вяртацца ў сваю краіну пасля заканчэння вайны. Я хачу застацца тут, ва Украіне, і дапамагаць украінцам. І я гатовы аддаць сваё жыццё за гэты народ.

 

Інтэрнацыянальныя легіёны абароны Украіны дзейнічаюць як батальёны спецыяльнага прызначэння Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны. Асабовы склад Легіёнаў з’яўляецца вайскоўцамі Узброеных Сіл Украіны, мае тыя ж правы, прававую і сацыяльную засцярогу, а таксама адпаведнае матэрыяльнае, фінансавае і іншае забеспячэнне.

 

У Легіёнах плячо ў плячо змагаюцца як замежныя добраахвотнікі, так і грамадзяне Украіны. Пры ўступленні на ваенную службу да Інтэрнауыянальнага Легіёна для грамадзян Украіны веданне замежнай мовы не з'яўляецца абавязковым, але з'яўляецца перавагай. Для замежных добраахвотнікаў вайсковы досвед не з’яўляецца абавязковай умовай, але таксама лічыцца перавагай.