Vikings family ILDU

ПАМЯЦЬ ПАКАЛЕННЯЎ СЯМ’І «ВІКІНГА»

Ваяр 1-га Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны з пазыўным «Вікінг» - спецыяліст па выкарыстанні FPV-дронаў. Ён прыехаў з Швецыі ў 2022 годзе і ўжо тры гады змагаецца за свабоду Украіны, адбіваючы маштабнае расейскае ўварванне. «Вікінг» дасканала валодае многімі відамі зброі і асвоіў шэраг складаных баявых спецыяльнасцяў. За яго плячыма - жорсткія кантактныя баі, раненні, кантузіі і вялікая колькасць знішчаных акупантаў. Легіянер стрыманы ў словах, бо за яго гавораць дзеянні на полі бою. Ён мае цвёрды намер змагацца да перамогі або пакуль жывы, бо мае вельмі важкую прычыну для гэтага.

Да поўнамаштабнага ўварвання Расеі наш суразмоўца не меў вайсковага досведу. Ён працаваў касірам, ахоўнікам у краме, меў вопыт у іншых мірных прафесіях. Ён жыў у Швецыі - краіне, якая шмат гадоў займае першыя месцы ў сусветных рэйтынгах якасці жыцця, аховы здароўя, адукацыі і абароны грамадзянскіх і палітычных правоў. Здавалася б: што можа прымусіць чалавека адмовіцца ад асабістага камфорту і бяспекі, змяніць спакойнае, стабільнае, бяспечнае жыццё ў адной з найлепшых краін свету на экстрэмальны стрэс і штодзённы рызыкоўны ўдзел у вайне? Але для «Вікінга» гэты выбар жыцця быў не толькі лагічным, але і абсалютна натуральным. Бо ваяр добра ведае і паважае гісторыю сваёй сям’і, ад якой ён унаследаваў нязломны характар і сапраўдны рыцарскі дух:

 

— Для мяне гэта было натуральна, таму што абедзве галіны маёй сям’і роўна ненавідзяць расейцаў: з-за вайны ў Іспаніі ў часы Франка і з-за вайны ў Фінляндыі. Я разумеў дзеянні расейцаў ва Украіне праз прызму ўласнай сямейнай гісторыі. Таму рашэнне было натуральным.

 

Бацькі прынялі рашэнне добраахвотніка ехаць ва Украіну з годнасцю - як рашэнне дарослага мужчыны, ваяра:

 

— «Яны сказалі: “Ты павінен ехаць”, — успамінае «Вікінг».

 

Сваю вайсковую кар’еру ён пачаў у Інтэрнацыянальным легіёне як кулямётнік. Выдатна праявіў сябе ў баях, некаторы час працаваў у складзе разведвальных падраздзяленняў, дзе яшчэ больш адтачыў свае грозныя навыкі. Ён ваяваў на самых гарачых напрамках Харкаўскай і Луганскай абласцей, пад Купянскам, Кляшчэеўкай, Петрапаўлаўкай. Сутыкаўся з рознымі варожымі падраздзяленнямі, ад «Вагнера» да  дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Цяпер дапамога Украіне ў перамозе над вайной – гэта для легіянера і хобі, і лад жыцця. Байцы Інтэрнацыянальнага легіёну - гэта браты па зброі з усяго свету.

 

Зразумела, вайна - гэта надзвычайны стрэс і вельмі цяжкая праца. Кожны, хто ўдзельнічаў у баях, можа згадаць як добрыя моманты, так і тыя, дзе можна было паступіць інакш. Але «Вікінг» пра дрэннае не кажа, бо Легіён і УСУ — цяпер яго сям’я. У сваіх словах ён стрыманы і ўзважаны:

 

— «Легіён мне шмат даў. Як і Узброеныя Сілы ў цэлым», — кажа баец.

 

Сярод многіх баявых аперацый ён асабліва ўспамінае тую, дзе атрымаў раненне:

 

— «Нашай задачай было зачыстка складанай “пасадкі”. Пяхота не змагла прайсці. Нас актыўна атакоўвалі FPV-дроны, вораг інтэнсіўна абстрэльваў. Нас было трое, але мы зачысцілі зону і прасунуліся да варожай траншэі, якую трэба было штурмаваць. Да цэлі было 50–100 метраў. І тут адбыўся танкавы абстрэл - я атрымаў раненне ў левую руку. Першая рэакцыя - знайсці укрыццё. І мне гэта ўдалося, з дапамогай сяброў, канечне», — успамінае легіянер.

 

Пра ворага ён гаворыць спакойна, без эмоцый:

 

— Расейскія вайскоўцы - гэта не абавязкова дрэнна падрыхтаваныя салдаты. У іх ёсць розныя падраздзяленні, як якасныя, так і не вельсі. Нам сустракаліся зусім розныя падраздзяленні: ад “Вагнера” да дэсантнікаў і спецназа. Асабліва цяжкім быў штурм Луганшчыны. Мы ўзялі шмат палонных з “Вагнера”, але было вельмі складана - у ворага была змешаная абарона: пяхота, артылерыя, танкі. Таму штурм праходзіў цяжка. Але я хачу сказаць галоўнае - мы перамаглі. Мы захапілі ўзвышша, знішчылі танкі і занялі іх пазіцыі.

 

Падчас інтэрв’ю «Вікінг» выказаў падзяку валанцерскай супольнасці:

 

— Я вельмі ўдзячны ўсім валанцёрам, асабліва з Фінляндыі, Швецыі, і ўсім недзяржаўным арганізацыям, што падтрымлівалі нас увесь гэты час у нашай барацьбе. Вялікі дзякуй вам!

 

На пытанне пра сакрэт яго трываласці і рашучасці, ваяр адказаў коратка, але катэгарычна:

 

— Расія ўсё яшчэ тут. І пакуль яна тут - або да перамогі, або пакуль я жывы - я буду змагацца!