stabilization center ILDU

ЯК ПРАЦУЕ ЦЭНТР СТАБІЛІЗАЦЫІ

Што ўваходзіць у мясцовы «пакет параненага байца», адкуль ён паступае і чаму ён так неабходны тут?

 

Стабілізацыйны цэнтр Інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны нам паказалі начальнік медыцынскай службы Легіёна - старэйшы лейтэнант з пазыўным «Энгельс»  і парамедык з пазыўным «Данатэла».

 

Да перадавой - 15 хвілін

 

На самай справе, адсюль да «нуля» можна дабрацца за 10-15 хвілін. Але так хутка эвакуіраваць параненых можна толькі пры ідэальных умовах - калі вораг не вядзе абстрэл і дроны Расеі не надта актыўныя ў небе. Тады байцоў атрымліваецца хутка даставіць у стабілізацыйны пункт, а затым - у шпіталь.

 

Аператыўная дастаўка параненых з пазіцый - адна з галоўных пераваг медыцынскай службы 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна. Медыкі падкрэсліваюць: ім удалося арганізаваць эвакуацыю так, што яны могуць працаваць самастойна, без прыцягнення рэсурсаў іншых падраздзяленняў.

 

— «У нас ёсць спецыяльна абсталяваныя аўтамабілі, якія могуць пад’ехаць да пярэдняга краю і забраць параненых. Мы робім акцэнт на тым, каб максімальна скараціць час эвакуацыі», — падкрэслівае Данатэла.

 

Персанал стабілізацыйнага цэнтра

 

Дзяжурства арганізавана ў тры змены. Кожная працуе па тры дні ў стабілізацыйным пункце. Потым - тры дні адпачынку, а затым яшчэ тры дні працы ў медслужбе батальёна.

 

— «Зараз у нас працуе тры змены па чатыры чалавекі: два лекара, парамедык і кіроўца. Калі ёсць паранены, кіроўца і парамедык едуць па яго, прывозяць, і два лекара стабілізуюць стан. Адначасова рыхтуецца транспарт для далейшай эвакуацыі», — распавядае «Энгельс».

 

Ёсць таксама пастаянны «начальнік шпіталя» - вялікі чорны кот Барыс, які ніколі не пакідае шпіталь і дапамагае падтрымліваць парадак і забяспечвае маральную падтрымку.

 

Часам, як жартуюць лекары, сагрэцца, выпіць гарачага супу і пагладзіць ката ў «стабілізацыйцы» для параненага бывае так жа важна, як і атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу.

Медыцынская служба мае ў распараджэнні некалькі аўтамабіляў: мікрааўтобус, пазадарожнікі і нават амерыканскі браніраваны транспарцёр M113. Усё гэта неабходна для эвакуацыі параненых з пазіцый, а таксама для забеспячэння працы дастатковай колькасці лекараў.

 

— «Двух лекараў на аднаго параненага цалкам дастаткова. Адзін працуе як анэстэзіёлаг, другі - як хірург. Мы стараемся як мага хутчэй аказаць дапамогу і стабілізаваць стан параненага», — распавядае «Энгельс».

 

У гэты момант да лекараў можа далучыцца парамедык або стралок, які дапамагае працаваць з пацыентам. Такім чынам, адначасова з адным параненым могуць працаваць тры спецыялісты.

 

Асноўная задача на стабілізацыйным этапе - стабілізаваць параненага такім чынам, каб ён мог нармальна даехаць да шпіталя.

 

Гэта дарога можа доўжыцца ад 30–50 хвілін да 1,5-2 гадзін.

 

— «Мы робім усё магчымае, каб пацыент заставаўся стабільным хаця б цягам гадзіны. Гэта наша задача», — тлумачыць кіраўнік медыцынскай службы.

 

Стабілізацыйны цэнтр каля лініі фронту абсталяваны ўсім неабходным, уключаючы некалькі памяшканняў з цяплом, электрычнасцю і доступам да вады.

 

— «Гэта своеасаблівы пратакол MARCH на максімуме. Калі MARCH прадугледжвае, што салдат павінен мець усё неабходнае ў сваёй аптэчцы, то тут гэта займае цэлы пакой. Ёсць усё, каб спыніць крывацёк, забяспечыць дыхальныя шляхі - як безаперацыйна, так і хірургічна. Таксама маем усё, каб аднавіць кровазварот: падагрэвальнікі крыві, саму кроў, растворы», — кажа «Энгельс».

 

Пасля аказання дапамогі і транспарціроўкі параненага ў шпіталь, медыкі працягваюць падтрымліваць з ім сувязь.

 

— «Прадстаўнікі медыцынскай службы і Легіёна рэгулярна наведваюць параненых. Гэта вельмі важна - трымаць з імі кантакт. Мы клапоцімся пра нашых байцоў на ўсіх этапах», — падсумоўвае «Данатэла».

 

Пратакол MARCH - гэта абрэвіятура, якая абазначае паслядоўнасць дзеянняў пры аказанні першай медыцынскай дапамогі ў экстрымальных умовах:

 

M - Massive Hemorrhage (масавы крывацёк)

A - Airway (дыхальныя шляхі)

R - Respiration (дыханне)

C - Circulation (кровазварот)

H - Hypothermia / Head Injury (гіпатэрмія / траўма галавы)

 

Крыніца: ArmyInform