Roman ILDU

Гэта натхняе, калі замежнікі прыязджаюць абараняць тваю зямлю, — музыкант, штурмавік, інжынер Раман «Даос»

Раман з Тарнопаля — вайсковец, інжынер беспілотных авіяцыйных комплексаў аднаго з інтэрнацыянальных падраздзяленняў. У цывільным жыцці ён — заснавальнік і дырэктар музычнай школы, музыкант, саўндпрадзюсар, а таксама актыўны валанцёр. Да вайны ягоны свет круціўся вакол адчувальнай музычнай тэхнікі. Цяпер жа гукаінжынерны досвед служыць іншай мэце: не канцэртным залам, а баявым задачам.

У жыцці ўсё з нечага пачынаецца. Кожнае рашэнне мае свае этапы прыняцця. І не заўсёды героямі становяцца адным рухам — быццам ад дотыку чарадзейнай палачкі. Для Рамана ўступленне ў войска таксама пачалося не з бравады, а з пытанняў да самога сябе. Ён добра разумеў: цывільны досвед не робіць цябе салдатам аўтаматычна. Таму пачаў з падрыхтоўкі — крок за крокам, але настойліва:

 


— Трапіў я ў войска трошкі «са штурхача». Калі атрымаў першую позву, дык, вядома, не пайшоў. Але задумаўся, бо ж я нічога не ўмеў. Я ж «цывіл». Тэрмін дзеяння ВЛК заканчваўся, і мне ўсё адно трэба было з’явіцца. Я разумеў, што гэта мяне не абміне. Усё роўна давядзецца ісці служыць. Таму паехаў вучыцца на БПЛА. Спачатку была аэравыведка, потым FPV. Перад тым яшчэ прайшоў курс з такмеду. Пасля навучання прыйшоў у ТЦК, і мяне накіравалі на БЗВП.

 


Абставіны склаліся так, што спачатку Раман трапіў у ДШВ. Для чалавека без вайсковага мінулага гэта быў рэзкі паварот, але не нагода адступаць. Ён успрыняў гэта як чарговы этап, які трэба прайсці:

 


— Я быў на баявых. Ведаю, што такое баявы выхад. Ведаю, што такое раненне. Ведаю, як гэта — калі людзі паміраюць побач. Гэта добрая школа, і такі досвед неабходна мець. Баявыя — гэта яшчэ тая навука.
У свой першы баявы выхад Раман выправіўся ў Ваўчанск. Пазіцыя і агульная сітуацыя былі складанымі: даводзілася пастаянна стаяць у халоднай вадзе. Да таго ж вораг уважліва «слухаў» радыёэфір. Пасля любога паведамлення па рацыі пачынала «прылётаць». З-за гэтага заход на пазіцыю і выхад з яе ператвараліся ў асабліва рызыкоўны манеўр. Менавіта падчас такога пераходу з адной пазіцыі на іншую Раман разам з пабрацімамі трапіў пад абстрэл:

 


— Двух хлопцаў «задвухсотіла», а мяне параніла ў вока і ў шыю. Гэта быў АГС, здаецца. Ён прылятае вельмі хутка. Я тады быў не на сваёй пазіцыі. Правёў там тры–чатыры дні, а потым яшчэ і вывеў старэйшых, бо ўжо ведаў, як правільна заходзіць. Вось такі атрымаўся бой: першы выхад — і адразу з раненнем і двума загінулымі. На баявых увогуле ўсё адбываецца вельмі хутка.

 


Эвакуацыя прайшла паспяхова, але наперадзе Рамана чакаў працяглы перыяд лячэння і аднаўлення:

 


— Аднаўляўся я доўга. Пасля кантузіі наогул доўга прыходзіш у сябе. І нават калі здаецца, што ўжо аднавіўся, і цела пачынае расслабляцца, — яна потым зноў даганяе. Гэта нібыта падзяляе цябе на два станы: ты быццам вельмі спакойны, але адначасова і вельмі неспакойны.

 


Раман не ведаў, якой ступені было яго раненне. Але нават на шпітальным ложку адчуваў, што яго зноў цягне ў бой. Аднак рэкамендацыі лекараў былі адназначна супрацьлеглымі:

 


— Лекар рэкамендаваў — нават крычаў на мяне, — каб я не вяртаўся на баявыя. Бо калі першы раз адчуеш, як усё гэта адбываецца, праходзіць два тыдні — і табе хочацца зноў гэта перажыць. Хочацца гэтага вельмі вострага адрэналіну, бо яго нідзе проста так не возьмеш. Ён асаблівы. Але я разумеў: лекар крычыць не дарма.

 


Пасля ранення ў Рамана была магчымасць завяршыць вайсковую службу паводле стану здароўя. Аднак ён не скарыстаўся гэтым правам. Наадварот — настаяў на працягненні службы, бо ўспрымаў яе ўжо як свядомы абавязак:

 


— Я вырашыў, што калі ўжо пайшоў сам і з матывацыяй, то 2–3 гады ўсё адно мушу адслужыць для гэтай краіны. У мяне быў кантакт з Інтэрнацыянальным легіёнам і рэкамендацыя ад іх. Я аднавіў гэты кантакт, і мяне перавялі. 71-я брыгада мяне адпусціла — ну, як адпусціла: я не прайшоў ВЛК у ДШВ, і мяне спісалі. Бо ў мяне калецтва левага вока, яно не бачыць. І на баявыя пасады такога тыпу я ўжо не прыдатны.

 


Раман застаўся ў войску, але змяніў сваю ролю. Замест баявой пасады абраў інжынерную, дзе мог быць не менш карысным. Яго досвед працы з тэхнікай натуральна трансфармаваўся ў працу з беспілотнікамі:

 


— Я амаль дваццаць гадоў працаваў гукаінжынерам — і цяпер таксама працую інжынерам. Гэтыя сферы шмат у чым падобныя: пайка, прашыўкі, наладка абсталявання. Нічога надта складанага я не адчуваю. Гэта сумежныя сферы, і мне гэта падабаецца. Падабаецца рабіць так, каб яно працавала.

 


Раман лёгка дае рады мовам: ён вольна валодае англійскай і польскай, крыху ведае нямецкую. Аднак у Інтэрнацыянальным легіёне ён найчасцей размаўляе з машынамі. Яго асноўныя суразмоўцы — беспілотнікі і электронныя схемы. І ўсё ж сюды яго прывёў яшчэ адзін, глыбейшы матыў:

 


— Гэта натхняе, калі замежнікі прыязджаюць абараняць тваю зямлю. І гэта проста не можа не матываваць. Нават не мае значэння, якія яны. Усе людзі баяцца — і гэта нармальна. Але вялікую вагу мае сам факт, што чалавек прыязджае са сваёй спакойнай краіны ў тваю неспакойную, каб ваяваць на тваім месцы. Асабліва калі ты сам шукаеш мноства прычын, каб не ісці.

 


Раман дапамагае свайму падраздзяленню і на іншым узроўні — валанцёрскім. Паколькі ён шмат гадоў працаваў у сферы культуры, яму лёгка знаходзіць падтрымку сярод музыкаў, мастакоў, кампазітараў і іншых творчых людзей. Таму ён рэгулярна арганізуе зборы на рэчы, прызначаныя мінусаваць асабовы склад і тэхніку акупанта:

 


— Я шмат збіраю на дроны, бо нам пастаянна патрэбная вялізная колькасць дэталяў. Найбольш не хапае менавіта камплектуючых. Напрыклад, VTX — модуляў, якія рэтранслююць нам выяву. Яны заўсёды дарагія. Якасныя камеры, антэны, надзейныя рухавікі — усё павінна быць высокай якасці, каб не гублялася сувязь і каб выява заставалася стабільнай. Прыблізна адзін 10-цалёвы FPV-дрон з добрымі рухавікамі каштуе 20–25 тысяч грыўняў. А працуе ён у нас як дрон-камікадзэ. За дзень мы можам адпраўляць 20–30 такіх бортаў. Гэта азначае каласальныя выдаткі — вельмі шмат грошай штодня. Таму БПЛА — гэта сфера надзвычай высокіх выдаткаў.

 


Знаходзячыся ў войску, Раман застаецца чалавекам культуры:

 


— Я дакладна ўсведамляю, што жыву падвойным жыццём — і цывільным, і вайсковым. Пры гэтым не адчуваю ніякага дыскамфорту ў соцыуме. Часам у вайскоўцаў ёсць такі стан, быццам ім трэба зноў прыстасоўвацца да мірнага асяроддзя. Мне ж прыстасоўвацца не трэба.

 


Тым не менш менавіта вайсковае, а не цывільнае жыццё з’яўляецца прыярытэтам. Разам з пабрацімамі Раман працягвае даводзіць да ладу беспілотнікі — карпатліва, як інструменты перад выступам. І гэтыя борты, сабраныя і наладжаныя ім, узнімаюцца ў неба, каб знішчыць як мага больш зайдаў з Паўночнага Усходу:

 


— Мы кожны раз пераглядаем відэа з лініі баявога сутыкнення. І калі няма трапляння, рэакцыя простая:

 

 «Арррххх… ну добра, значыць наступнае». Гэта такая сабе дафамінавая арэля. Глядзіш далей — наступнае, наступнае, яшчэ адно. Я заўсёды спыняюся на тым відэа, дзе ёсць траплянне. Ёсць траплянне — ўсё, можна ісці спаць. І гэта вельмі матывуе і натхняе: значыць, мы робім працу, і яна эфектыўная. Расіяне паміраюць — значыць, украінцаў застаецца больш.
 

 


Тэкст: Дзмітрый Толкачоў


Фота, відэа: Уладзімір Патола, Яўген Маліенка


Мантаж: Уладзімір Патола