Хан: «Расіяне — як варвары. Такой дзікасці не месца ў сучасным свеце»
Французскі добраахвотнік Хан ваюе за Украіну з студзеня 2023 года. Цяпер ён камандуе спецыяльнай разведвальнай групай, што працуе на самых гарачых участках фронту. За яго плячыма — Харкаўшчына, Данеччына, Запарожскі напрамак, дзе ён набыў досвед як у штурмавых аперацыях, так і ў групах агнявой падтрымкі. Менавіта гэты шлях сфарміраваў ягоны погляд на вайну — прамы, без ілюзій і абстракцый.
Хан не хавае: на пачатку яго шлях ва Украіну быў прадыктаваны прафесійнай цікаўнасцю. Як вайсковец, ён хацеў атрымаць практычны баявы досвед:
«У Францыі распаўсюджана меркаванне, што расійскія войскі — моцны і сур’ёзны праціўнік. Спачатку мной кіравала цікаўнасць — я хацеў убачыць усё на ўласныя вочы, пайсці ў бой і на практыцы зразумець, чаго яны насамрэч вартыя».
Аднак тое, што спачатку было прафесійным выклікам, з цягам часу стала глыбока асабістым:
«Я губляў сяброў у баях ва Украіне і бачыў, як расіяне паводзяць сябе так, нібыта не існуе ніякіх межаў — гвалцяць людзей, нападаюць на цывільных, здзяйсняюць злачынствы, зневажаючы чалавечае жыццё. Нібы яны варвары. Гэта — дзікасць, якой не месца ў сучасным свеце».
Баявы шлях Хана — гэта мапа самых цяжкіх франтоў гэтай вайны. З студзеня 2023 года ён паспеў прайсці праз найбольш напружаныя напрамкі:
«Мае першыя заданні былі на Харкаўшчыне. Потым былі баі за Бахмут і ўдзел у баях за Клішчыеўку. Я таксама далучыўся да контрнаступу ў Запарожскай вобласці. А цяпер зноў вярнуўся на Харкаўшчыну».
Французскі баец упэўнена працуе з шырокім спектрам узбраення. Ён асвоіў як савецкія ўзоры стралковай зброі, у прыватнасці АК-74, так і натоўскія платформы — напрыклад, М4. Ва Украіне ж яго асноўнай зброяй стаў CZ Bren 2:
«Гэта чэшская вінтоўка з кароткім ствалом, якая добра падыходзіць для нашай мясцовасці на Харкаўшчыне. Тут шмат лясоў і лесапалос, таму кампактная зброя лепш адпавядае нашым задачам. Кароткі ствол спрашчае рух і дазваляе дзейнічаць цішэй. А з доўгім ствалом у густым лесе пастаянна чапляешся за галіны і выдаеш сябе лішнім шумам».
Але стралковая зброя — далёка не ўсё, з чым працаваў Хан:
«У Бахмуце я выкарыстоўваў аўтаматычны гранатамёт Mk 19, забяспечваючы блізкую агнявую падтрымку. Мы былі амаль ушчыльную да расіян, і баі былі надзвычай жорсткімі. Яны ціснулі на нашы пазіцыі, а нашы штурмавыя групы адначасова ішлі наперад. Mk 19 працаваў штодня — часам мы выдаткоўвалі да шасці скрыняў боепрыпасаў за адну дванаццацігадзінную змену».
Баі на Запарожскім напрамку таксама глыбока ўрэзаліся ў яго памяць. Хан называе іх аднымі з самых цяжкіх у сваім досведзе:
«Гэта была такая вайна, дзе па пяцьдзясят чалавек з кожнага боку штурмавалі адну лесапалосу. Артылерыя бесперапынна накрывала пазіцыі, а баі часта пераходзілі ў прамы кантакт. Нам пашанцавала, што тады не было так шмат дронаў і FPV. Супраць нас дзейнічалі як добра падрыхтаваныя, так і слабейшыя варожыя падраздзяленні. Але ўкраінскія байцы трымаліся вельмі моцна».
Камандуючы інтэрнацыянальным падраздзяленнем, Хан кожны раз пераконваецца: без цеснага ўзаемадзеяння з украінскімі пабрацімамі ніводная аперацыя не мае шанцаў на поспех. Камунікацыя, узаемны давер і падтрымка на фронце вырашаюць усё. На момант размовы яго група працавала разам з 92-й Асобнай штурмавой брыгадай Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны:
«З імі сапраўды прыемна працаваць. Нават калі мы непасрэдна знаходзімся на пазіцыях, яны забяспечваюць нас магутнай падтрымкай артылерыі і дронаў. Яны даюць нам усё неабходнае, і гэта дазваляе эфектыўна выконваць баявыя задачы».
Правёўшы гады ў самым пекле расійска-ўкраінскай вайны, Хан перакананы: без людзей, гатовых ваяваць, перамогі не будзе. Але ён падкрэслівае — шлях добраахвотніка не пра рамантыку. Гэта рашэнне, якое мае сваю цану:
«Ты мусіш быць абсалютна ўпэўнены, што хочаш прыехаць і ваяваць, бо гэта зусім не проста. Такое рашэнне датычыцца не толькі цябе — яно можа паставіць пад пагрозу тваіх сяброў і пабрацімаў. Таму прыходзіць трэба з шчырымі намерамі: перад сабой, перад падраздзяленнем і перад сям’ёй».
Тэкст: Дзмітрый Толкачоў
Фота, відэа, мантаж: Уладзімір Патола