“Я гатовы да бою” — Форрэст, добраахвотнік Узброеных Сіл Украіны з Паўночнай Караліны
Паўночная Караліна — край густых лясоў і велічных горных хрыбтоў, дзе стогадовыя сосны цягнуцца да неба, а жыццё цячэ ў сваім, нетаропкім рытме. Ад гэтай зямлі да франтоў расійска-ўкраінскай вайны — тысячы кіламетраў. Але гэта не спыніла 28-гадовага Форрэста перасекчы Атлантычны акіян і далучыцца да 47-й асобнай механізаванай брыгады “Маґура”, каб зрабіць гэтую вайну справай уласнага выбару.
Ягоны пазыўны гучыць так, нібы намякае на лясісты край, адкуль ён родам. Але насамрэч гісторыя значна больш асабістая:
“У дзяцінстве я крыху заікаўся, часам гаварыў вельмі павольна або невыразна. Таму сябры пачалі называць мяне Форрэстам — як у фільме “Форрэст Гамп”. І гэта прыжылося. Цяпер гэтай праблемы ўжо няма, але калі я прыехаў сюды, падумаў — чаму б не ўзяць гэты пазыўны з сабой? Людзі адразу пазнаюць адсылку. І заўсёды жартуюць: “Бяжы, Форрэст, бяжы!”
Паўночную Караліну нездарма называюць “першай на шляху да свабоды” — менавіта там прагучалі адны з першых заклікаў да незалежнасці Злучаных Штатаў. Для Форрэста гэта не проста старонка гісторыі. Ідэі свабоды і справядлівасці сталі часткай яго светапогляду і вызначылі яго стаўленне да падзей далёка за межамі роднага штата:
“Я цікавіўся незалежнасцю Украіны і яе дэмакратыяй яшчэ з 2014 года — барацьбой людзей за права заставацца вольнай еўрапейскай краінай. І за права самім вырашаць, як імі кіруюць”.
Гэта разуменне пачалося з простых размоў — паведамленняў у сацыяльных сетках, якія паступова сціралі адлегласць:
“Мне было 15, я сядзеў у Facebook і проста хацеў знаёміцца з людзьмі з усяго свету. Адзін з маіх украінскіх сяброў, Даніла, распавядаў мне ўсё — ад Майдана да падзей на Данбасе. Так я пачаў разумець, што там насамрэч адбываецца”.
Яго рашэнне прыехаць ва Украіну не было раптоўным — яно выспявала павольна, але няўхільна. Рэальнасць доўга стрымлівала яго: да 2025 года ён проста не мог сабе гэтага дазволіць. Таму працаваў і чакаў — пакуль намер не стаў магчымасцю.
Фізічная праца была для Форрэста звыклай справай. З дваццаці гадоў ён зарабляў рукамі — на будоўлях і на розных падпрацоўках:
“Я быў такім сабе ўніверсальным рабочым. Рамантаваў кандыцыянеры, вокны, вадасцёкі, займаўся прыбіраннем, абліцоўкай — працаваў на розных аб’ектах”.
На першы погляд, гэта не мае нічога агульнага з вайной. Але на фронце, дзе выжыванне часта залежыць ад таго, што ты здольны пабудаваць, адрамантаваць або прыдумаць на месцы, такія навыкі маюць асаблівую вагу.
Прыезд ва Украіну быў толькі першым крокам. Далей паўстала пытанне: куды ісці, каму даверыцца, дзе ваяваць. Форрэст разглядаў розныя падраздзяленні, але ўрэшце прыслухаўся да парады сябра:
“Ён сказаў: ‘Я ведаю, ты хочаш ваяваць. Пайшлі са мной у 47-ю’. І калі я апынуўся тут — зразумеў, што зрабіў правільны выбар”.
Два месяцы базавай падрыхтоўкі сталі для яго этапам ператварэння з цывільнага ў салдата. Але нават пасля гэтага навучанне не спынілася. У сваім падраздзяленні Форрэст працягнуў трэніроўкі, рыхтуючыся да наступнага кроку — першага баявога выхаду:
“Падрыхтоўка тут на самым высокім узроўні. І яна значна адрозніваецца ад многіх іншых краін, дзе часта ёсць дзедаўшчына і падобныя рэчы”.
Тут галоўнае — развіццё. Інструктары “Маґуры” ацэньваюць узровень падрыхтоўкі байца, знаходзяць слабасці і мэтанакіравана над імі працуюць:
“Яны глядзяць, што ты ўжо ўмееш, знаходзяць твае слабыя месцы і працуюць над імі. Ідэя простая — памылкі павінны заставацца тут, на палігоне, а не ў сапраўдным баі. Таму кожнае трэніраванне — як індывідуальнае”.
На момант нашай размовы Форрэст стаяў на парозе новага этапу. Падрыхтоўка — ззаду, наперадзе — першы бой. Але ў яго голасе не было ні кроплі сумневу:
“Я гатовы”.
А тым, хто разглядае магчымасць стаць добраахвотнікам, Форрэст дае простыя і практычныя парады:
“Я вырас у гарах, таму шмат хадзіў у паходы — і гэта сапраўды дапамагло. Бярыце заплечнік, кладзіце туды бутэлькі з вадой і ідзіце. Рабіце практыкаванні з уласнай вагой. Калі ёсць магчымасць — хадзіце на стральбішча. А потым прыязджайце сюды, у 47-ю. І рабіце тут добрую справу. Рабіце тое, для чаго вы створаны”.
Даведацца больш пра 47-ю асобную механізаваную брыгаду “Маґура” і далучыцца да яе можна на афіцыйным сайце: https://47.army/
Тэкст: Дзмітрый Талкачоў
Відэа, фота: Уладзімір Патола, Дзмітрый Талкачоў
Мантаж: Аляксандр Бекер