jeweler ILDU

ЮВЕЛІР: “Трэба працягваць барацьбу — дзеля тых, хто загінуў”

Аляксандр, пазыўны “Ювелір” — добраахвотнік з Беларусі, які прыехаў ва Украіну, каб змагацца супраць расійскай агрэсіі. Спачатку служыў у медэваку — вывозіў параненых з перадавой. Штодзённае балансаванне паміж жыццём і смерцю, страта пабрацімаў і пабрацімкі прывялі Ювеліра да рашэння стаць разведчыкам. Нават цяжкае раненне і дзясяткі аперацый не зламалі яго пераканання: барацьба за свабоду Украіны — гэта і бітва за будучыню Беларусі. Узнагароджаны ордэнам «За мужнасць» III ступені.

На працягу жыцця Аляксандр паспрабаваў нямала розных прафесій, і кожная з іх па-свойму сфармавала яго характар. Дзеся ён навучыўся цярпенню, дзеся — адказнасці, а дзеся — лепш разумець людзей. Таму і яго пазыўны ўзнік невыпадкова:

 

 

“Я працаваў ювелірам. Ездзіў на заробкі ў іншыя краіны. Потым уладкаваўся ў псіхіятрычную бальніцу і каля дзесяці гадоў адпрацаваў там санітарам. Апошнім часам, паколькі добра ведаў горад, працаваў у таксі”.

 

 

Калі Расія распачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, Аляксандр знаходзіўся ў Беларусі. Ён назіраў за падзеямі здалёк, але ў яго думках ужо наспявала рашэнне дзейнічаць:

 

 

“Мяне разбудзілі тэлефонныя званкі. Кажуць: уключы тэлевізар, паглядзі навіны, інтэрнэт. Я думаў, што гаворка пра “ДНР” — ну, усё гэта іх так званае. Але нават уявіць не мог, што ракеты паляцяць на Кіеў. Я адразу патэлефанаваў, каб аддаць машыну, бо зразумеў: працаваць далей ужо не змагу. Нават у Мінску людзі былі трохі шакаваныя. Ніхто не мог паверыць”.

 

 

Ювелір разумеў, што не зможа маўчаць. Аднак, выйшаўшы на пратэст з плакатам, ён гарантавана апынуўся б у турме. Таму вырашыў, што прынясе больш карысці ва Украіне, дзе зможа ўзяць у рукі зброю. У яго была шэнгенская віза, таму ён меў магчымасць выехаць з Беларусі. Давялося ехаць праз Расію, праз Калінінград. Пераадолеўшы дзевяць краін, беларус спачатку апынуўся ў Будапешце, а пасля — ва Украіне.

 

 

Пасля гэтага Аляксандр доўга трэніраваўся з іншымі добраахвотнікамі. Была спроба стварыць батальён “Пагоня”. Потым, па ўласным жаданні, перавёўся ў Першую інтэрнацыянальную роту спецыяльнага прызначэння імя Івана Багуна, і ўрэшце — у новаўтвораны Другі інтэрнацыянальны легіён абароны Украіны:

 

 

“Мне спадабалася, што замежнікі прыносяць нешта новае. Я ўбачыў гэтую падтрымку — падтрымку людзей абсалютна розных нацыянальнасцяў. Я трапіў у ўзвод з грузінамі і быў проста ў захапленні ад таго, колькі даведаўся пра Сакартвела.”

 

 

На думку добраахвотніка, сама структура Інтэрнацыянальнага легіёна — гэта давер, узаемадапамога і ўзаемападтрымка. Ён перакананы, што менавіта на гэтым павінна будавацца ўся ўкраінская армія:

 

 

“Напрыклад, у маёй групе былі амерыканка, два індусы, грузін, беларус і ўкраінцы. Усе маглі замяніць адзін аднаго, і ўсё гэта адбывалася з усмешкай. Нават калі мы не вельмі добра ведалі мову, мы ўсё роўна знаходзілі спосаб паразумецца — дапамагалі адзін аднаму, дамаўляліся. Я і цяпер адчуваю сябе часткай гэтай сям’і”.

 

 

Спачатку Ювелір далучыўся да каманды медэваку. Працаваў у Чарнігаўскай вобласці, Бахмуце, Серебранскім лесе. Штодня дапамагаў вывозіць параненых з перадавой, часам бачыў смерць пабрацімаў на ўласныя вочы:

 

 

“Калі ўдаецца адкачаць чалавека і ён ажывае, адчуваеш велізарны прыліў сіл, энергіі. Але гэтыя арэлі паміж жыццём і смерцю… гэта вельмі, вельмі цяжка. Асабліва забирать “двухсотых”. І яшчэ цяжэй, калі ты іх ведаеш. Забіраць хлопцаў, якія яшчэ раніцай стаялі побач са мной — разам палілі, размаўлялі, жартавалі.”

З цягам часу Ювелір вырашыў і сам выходзіць на баявыя заданні — праводзіць разведку. Падчас аднаго з такіх выхадаў загінуў яго пабрацім Мінск, а сам Аляксандр атрымаў цяжкае раненне:

 

 

“Нас заўважылі і пачалі страляць. Я не мог выбрацца і загадаў яму адступаць. Ён адкрыў агонь, адцягваючы іх на сябе. Я адразу не ўсвядоміў, наколькі сур’ёзныя мае раненні. У мяне былі паранены абедзве ногі, перабітыя косці, і я не змог падняцца. А ён загінуў ад аднаго ранення. Яму проста не паспелі аказаць медыцынскую дапамогу”.

 

 

На шчасце, Ювеліра ўдалося эвакуяваць у бяспечную зону. Пасля гэтага яго барацьба працягнулася — але ўжо не на перадавой, а ў бальнічных палатах. Наперадзе былі пяць месяцаў рэанімацыі, дзясяткі аперацый і доўгі шлях аднаўлення:

 

 

“Стан быў вельмі цяжкі. Гаворка ішла нават не толькі пра тое, ці ўдасца ўратаваць нагу — шанцаў выжыць мне таксама давалі няшмат. На жаль для кагосьці, але на шчасце для многіх — я жывы. Пазаўчора мне зрабілі 87-ю аперацыю. Вялікі дзякуй усім лекарам, што яны проста не апусцілі рукі.”

 

 

Перыяд у шпіталі стаў для Ювеліра часам, калі ён асабліва востра адчуў падтрымку валанцёраў і проста неабыякавых украінцаў. Людзі рознага ўзросту прыходзілі дапамагчы, падтрымаць, пагаварыць. І менавіта ў гэтыя моманты ён яшчэ раз зразумеў, дзеля чаго вядзецца гэтая барацьба:

 

 

“Я пабываў у многіх бальніцах, у розных гарадах. І дапамога прыходзіла ад вельмі розных людзей. Ад школьнікаў, якія самі прыходзяць у нядзелю, збіраюць грошы і прыносяць мне маленькую бутэльку колы — проста пагаварыць, паслухаць, чаму я пайшоў ваяваць. І ад тых людзей, якія ў будні пішуць у Facebook ці Instagram, просяць заданаціць, а потым прыязджаюць да нас, падтрымліваюць, падымаюць настрой. Гэта яшчэ раз даказвае мне асабіста, што я быў там недарэмна. Што я недарэмна ваяваў за гэты народ. Такое адзінства — гэта вялізная рэч.”

 

 

Усё, што перажыў Аляксандр на гэтай вайне, назаўсёды застанецца з ім — успаміны пра перадавую, страты пабрацімаў і ўласную барацьбу за жыццё. Але нават да самых цяжкіх і балючых досведаў ён ставіцца са стоічнай вытрымкай:

 

 

“Маё жыццё падзялілася на два перыяды: да 24 лютага 2022 года і пасля. І цяпер, бачачы ўсе жахі гэтай вайны, я не разумею людзей, якія кажуць: “Давайце не будзем гаварыць пра палітыку”. Бо тады пра што наогул гаварыць? Гэта наша жыццё. І вайна — гэта не палітыка. Вайна — гэта жыццё, у якім мы цяпер жывём.”

 

 

Для Аляксандра палітыка — гэта перш за ўсё тое, як да цябе ставіцца дзяржава. Яго “хрышчэнне палітыкай” адбылося яшчэ ў 1990-х гадах. У гэтым кантэксце Ювелір згадвае “Чарнобыльскі шлях” — маштабную акцыю памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы, што адбылася ў Мінску з нагоды дзясятай гадавіны аварыі на ЧАЭС:

 

 

“Гэта было вельмі даўно — 1996 год. Я тады таксама адседзеў за ўдзел у мітынгах. Дарэчы, праводзіў пікет у падтрымку ўкраінцаў, якія прыехалі да нас на “Чарнобыльскі шлях”. Украінцы прыехалі, бо Чарнобыль — гэта тое, што закранула абедзве нашы краіны. Але іх проста затрымалі — толькі таму, што яны ўкраінцы.

 

 

Я выйшаў на пратэст супраць таго, што ўкраінцаў утрымліваюць пад вартай. Ім спрабавалі нават інкрымінаваць нейкія крымінальныя артыкулы — ледзь не спробу звяржэння дзяржаўнага ладу. А я бачыў, што яны рабілі — нічога дрэннага. Яны былі без зброі і дакладна не спрабавалі нікога звяргаць. Тым больш што гэта адбывалася на мітынгу, які быў афіцыйна дазволены. Таму так атрымалася, што Украіна ў маім жыцці адыграла вельмі вялікую ролю”.

 

 

Аляксандр даказаў не словамі, а ўчынкамі, што варты быць часткай вольнага грамадства. Яго шлях — гэта шлях выбару, адказнасці і барацьбы. Але вайна яшчэ працягваецца, і кожны яе дзень патрабуе вытрымкі. І менавіта ўсведамленне таго, дзеля чаго вядзецца гэтая барацьба, разуменне яе канчатковай мэты, дае сілы рухацца наперад:

 

 

“Трэба проста працягваць барацьбу да канца — дзеля хлопцаў, якія загінулі побач са мной. Каб перамагчы і ажыццявіць іх мару — жыць у вольнай краіне. І ва Украіне, і ў Беларусі.”

 

 

 

Тэкст: Дзмітрый Толкачоў


Фота, відэа: Уладзімір Патола, Аляксандр Лось


Мантаж: Аляксандр Беккер