Фронтавы драйв - лекі для сэрца
Маршрут вайсковага вадзіцеля - гэта зусім не звычайная дарога, а тонкая мяжа паміж жыццём і смерцю. Бо навігатар бяссільны там, дзе кожны метр - выклік. Пад коламі - невядомасць, над галавой - гудзенне варожых дронаў, а на гарызонце - грохат артылерыі. Але ён ляціць наперад. Бо ведае: наперадзе - пабрацімы, якія вераць, што ён за імі вернецца.
Калі кожны выезд можа быць апошнім, прывыкнуць да рызыкі лёгка. І тады лішняя ўпэўненасць можа перарасці ў небяспечную саманадзейнасць. Але ні кроплі гэтага не ўбачыш у Сяргея - вадзіцеля Другога Інтэрнацыянальнага Легіёна Абароны Украіны. Распавядаючы пра сваю працу, ён сціпла ўсміхаецца:
— Вазжу нашых хлопцаў на нуль.
Перш чым сесці за руль вайсковай машыны, 54-гадовы Сяргей усё жыццё працаваў зваршчыкам. Гэта не толькі фізічна цяжкая праца, але і пастаянная рызыка для здароўя: гадзіны ў душных памяшканнях, сярод іскраў, дыму і выпарэнняў металу. Высокая тэмпература, грукат, напружанне вачэй і спіны - усё гэта пакідае след:
— За ўсе гэтыя гады набраўся крыху балячак. І жонка адправіла мяне ў Кіеў, у шпіталь Амосава. Там і заспеў вайну. Раніцай ускочыла ў палату старэйшая сястра і кажа: «Казак, збірайся дахаты - маскалі атакавалі аэрапорт».
Перажыўшы чатыры аперацыі, Сяргей мог бы застацца ў тыле, каб лепш вылечыць цела. Але ён нават не сумняваўся. Як толькі зноў стаў упэўнена на ногі - вырашыў замяніць зварачную маску на шлем, а рабочую вопратку - на піксель:
— Пачаў шукаць, распытваць людзей: хто, дзе, што, як? У інтэрнэце знайшоў наш улюбёны Легіён. І цяпер я тут. Мне тут лепш, чым дома. У мяне зяць паўтара года адслужыў, пляменнік зараз на лячэнні пасля другога ранення. Гэта маё месца.
Для вайсковага вадзіцеля час - гэта не хвіліны і секунды. Гэта адлік паміж «паспеў» і «спазніўся». Ці атрымаецца даставіць групу на пазіцыю? Ці паспееш забраць сваіх - жывых, параненых, часам амаль без прытомнасці - з-пад самага носа смерці? Ці зможаш сам уратавацца з-пад абстрэлу? Рухацца трэба максімальна хутка - настолькі, наколькі дазволяць дарога, машына і здаровы сэнс:
— У параўнанні з нашымі казакамі, гоншчыкі «Парыж - Дакар» - дык проста пехам ходзяць. Дрыфту - колькі хочаш. Хуткасці - колькі душа пажадае. Бывала, што выязджалі ўдзень - то крыху весялей, чым уначы. Сеў, памаліўся, прачытаў «Ойча наш» - і на газ.
Але гэтая хуткасць - не толькі пра націск на педаль газу. Гэта хуткасць мыслення і прыняцця рашэнняў. Вадзіцель павінен бачыць небяспеку наперад: прадчуваць міну пад коламі, адчуваць неба, дзе ўжо кружаць зграі дронаў. Тут няма права на ваганне. Бо за спінай - чужыя жыцці:
— Мне здаецца, нас пракачвае адрэналін і адказнасць. Бо ты не сам - за табой хлопцы. Бывала, што на хаду адчыняўся борт і губляліся рэчы. Але хлопцаў - ніводнага разу.
За добра выкананую працу медалі адразу не выдаюць. Але ёсць іншая, асаблівая ўзнагарода. Там, дзе паміж выездам і вяртаннем - пекла, вадзіцель, які майстэрска вывозіць байцоў з «нуля», - на вагу золата. І тыя, хто ведае, што такое быць на мяжы, аддзячваюць глыбокай павагай. Такая пашана не патрабуе слоў:
— Калі вывозіш іх, усе згуртаваныя і маўчаць. Спадзяюся, што моляцца за мяне, каб я, не дай Божа, не затармазіў. Але тармажу толькі ў крайніх выпадках. Калі ўжо такая яма, што машына правальваецца. А так - мы іх проста пралятаем.
Сяргей валодае некалькімі мовамі, а ў Легіёне гэта не проста ўмельства, а штодзённы інструмент. Ён лёгка знаходзіць агульную мову з пабрацімамі, разумее іх патрэбы, можа дакладна перадаць загады і каардынаты, пазбягаючы непаразумення ў крытычныя моманты. У вайне, дзе значэнне мае кожная дэталь, такія веды незаменныя:
— Усё жыццё я працаваў за мяжой: аб’ехаў амаль усю Еўропу, Лацінскую Амерыку. Перакладаю трохі з польскай, нармальна валодаю іспанскай. Працаваў і ў англамоўных краінах, таму магу і па-англійску. Калі што - з жэстамі.
Для замежнікаў у Легіёне Сяргей - «свой», бо ён не толькі слухае, але і разумее. Але гаворка не проста пра разуменне слоў, а пра давер паміж людзьмі з розных краін, якія аб’ядналіся ў змаганні за свабоду. У Легіёне заўсёды рады тым, хто шчыра гатовы змагацца за Украіну, незалежна ад месца нараджэння ці мовы. Бо галоўнае тут - не пашпарт, а матывацыя, адданасць справе і гатоўнасць стаяць плячо ў плячо з пабрацімамі з усяго свету:
— Я ведаю толькі адно: усе, хто побач са мной, - гэта найлепшыя.
Дзьмітро Талкачоў