У гонар загінулага легіянера: Капо
Вайна — гэта заўсёды рызыка. Пастаянны баланс над безданню, дзе кожны наступны подых можа стаць апошнім. Яна забірае найлепшых — тых, хто ідзе наперад і не хаваецца за чужымі спінамі. Забірае раптоўна, без папярэджання — як цень, што падае з неба. Яшчэ ўчора слухаў, як баец расказваў сваю гісторыю. А сёння даведваешся: яго больш няма. І ў гэтую хвіліну ўсе ягоныя словы набываюць новы сэнс.
Мы хочам аддаць апошнюю пашану Капо — французскаму добраахвотніку, які абараняў свабоду Украіны ў шэрагах 1-га Інтэрнацыянальнага Легіёна. Ён прыехаў не дзеля славы ці ўзнагарод, а таму што верыў: праўда — у барацьбе. Яго вёў у бой унутраны голас, адчуванне, што зло не спыніцца па ўласнай волі — яго трэба выбіваць з штурмавой вінтоўкай у руках.
Калі кліча сэрца
Капо быў добраахвотнікам — воінам не па прафесіі, а па пакліканні. Яму было 32 гады, калі ён пакінуў мірнае жыццё ў Францыі і ступіў на ўкраінскую зямлю. Для Капо гэта была не проста вайна Украіны супраць Расіі — а змаганне святла з цемрай. Ён верыў: калі ўпадзе Украіна — наступнай стане ўся Еўропа. Таму не змог застацца ўбаку і далучыўся да шэрагаў смелых і неабыякавых. Сярод іх быў і ягоны суайчыннік Віві, які ўспамінае Капо як чалавека без страху, але з ясным разуменнем, дзеля чаго ён тут:
“Ён прыйшоў да нас, адгукнуўшыся на заклік абавязку — просты добраахвотнік, верны сваім перакананням і высакароднай справе ў гэтай вайне, якая пагражае суверэнітэту ўсёй Еўропы. Ён заўсёды запісваўся ў добраахвотнікі, нягледзячы на цяжкасці і працягласць заданняў. Імкнуўся выканаць любую місію, нягледзячы на небяспеку і пастаянны ціск з боку расіян.”
Адразу ў бой
Калі мы размаўлялі з Капо, ён быў ва Украіне ўжо тры месяцы. Гэта быў няпросты час — бясконцыя атакі ворага, які зноў спрабаваў прарваць украінскія пазіцыі. Не было калі марудзіць — фронт патрабаваў дзеянняў. І Капо дзейнічаў: з той самай упэўненасцю, з якой прыехаў у чужую краіну. Ён хутка перайшоў ад стрэльбаў да баявых місій — каб стаць часткай абарончай лініі, што штодня стрымлівае расійскую навалу. Бонс, яго камандзір, з павагай згадвае, што Капо заўсёды быў чалавекам справы:
“Ёсць тыя, хто шмат гаворыць, і тыя, хто дзейнічае. Капо належаў да апошніх — заўсёды добразычлівы, заўсёды гатовы падтрымаць. Ён не раз ратаваў гонар нашага падраздзялення і загінуў як сапраўдны салдат — адважны і гераічны. Ён так ганарыўся сваім легіянерскім берэтам, што насіў яго ў правай кішэні, калі ішоў у бой.”
Заўсёды з усмешкай
Успамінаючы Капо, Бонс не шкадуе цёплых словаў. Ён апісвае яго як жыццярадаснага хлопца, які нават у самыя цяжкія хвіліны знаходзіў сілы падтрымаць пабрацімаў усмешкай або жартам. Той самы вобраз застаўся і ў памяці Віві:
“Капо заўсёды аддаваўся справе цалкам — і рабіў гэта з усмешкай. Жыць і працаваць побач з ім было задавальненнем: ён умеў падбадзёрыць, заўсёды быў побач. У нашых сэрцах ён застанецца адважным сябрам. Нам вельмі будзе не хапаць ягонай усмешкі. Капо заслужыў сваё месца ў вялікай сям’і Легіёна — і пашану, звязаную з ім.”
Унутраны компас
Капо прыехаў ва Украіну, кіруючыся глыбокім перакананнем: спыніць новую інкарнацыю таталітарызму — расійскі фашызм. Для яго гэтая вайна — працяг гістарычнага супраціву, у якім калісьці ўдзельнічалі байцы французскага Супраціву ў Другой сусветнай. Як і яны, ён абраў змаганне са злом — не па загаду, а па сэрцу:
“Мая галоўная матывацыя — ідэалагічная”, — тлумачыў Капо. — “Не дапусціць далейшага прасоўвання Расіі ў Еўропу. Украіна — гэта ахоўны мур Еўропы. Украінская армія — апошні рубеж.”
Ціхі герой
Да вайны Капо жыў сціпла. Працоўны чалавек — працаваў смеццяром, ачышчаў вуліцы роднага горада. Калі ж Расія напала на Украіну, ён працягнуў змагацца з брудам — толькі ўжо не на вуліцах, а на еўрапейскім кантыненце. Са зброяй у руках ён прыехаў ачышчаць зямлю ад зла, што прыйшло з усходу і мае нахабства называць сябе людзьмі.
Яго праца была нябачная, але жыццёва важная: пакуль яна робіцца — яе не заўважаюць, але варта спыніць — і наступствы бачаць усе. Капо быў з тых, дзякуючы каму горад дыхаў, а хаос не перамагаў. Гэта была сумленная праца — не дзеля славы, а дзеля іншых. «Гэтым Капо і быў», — кажа яго таварыш Тым:
“Капо быў простым чалавекам, але заўсёды гатовым дзейнічаць. Ён быў верным і аддаваў усё, што мог, каб выканаць місію. Такія салдаты — на вагу золата.”
За кожным воінам — трывога бацькоў
Родныя Капо са страхам успрынялі яго рашэнне ехаць на вайну. Усе разумелі: наперадзе — небяспека. Але Капо не мог інакш. І ў чужой краіне ён знайшоў другую сям’ю — пабрацімаў. Іх не злучала кроў, але злучалі глыбейшыя рэчы: агульная барацьба і гатоўнасць памерці не толькі за сваіх, а за ўсіх, хто хоча быць вольным. Адным з такіх пабрацімаў стаў Ніка. Яго словы пра Капо — поўныя падзякі і смутку:
“Дзякуй табе, брат, за тое, што прыехаў ва Украіну абараняць свабоду — і стаў маёй сям’ёй. Ты быў годным чалавекам і добрым салдатам! Нам цябе вельмі не хапае. Наш смех ужо ніколі не будзе такім, як раней. Няхай Усявышні прыме цябе пад сваю апеку.”
Для Бонса Капо стаў малодшым братам, якога ўсе ў групе любілі і паважалі. Яго гібель — вялікая страта, але памяць пра яго жыве:
“Вайна забрала яго, але ніколі не забярэ яго імя,” — верыць Бонс. А Тым дадае: “Мы ніколі яго не забудзем. Ён быў — і застанецца — адным з нас. Як родны брат.”
Уласная думка — вышэй за ўсё
Капо засмучала, што ў Францыі многія ўсё яшчэ падтрымліваюць Расію — свядома ці не. Ён лічыў, што прычына — у прапагандзе, якая дзейнічае не горш за зброю. Замаскіраваная пад “альтэрнатыўную думку”, яна сеяла сумневы, апраўдвала агрэсара і рабіла зло “прымальным”. Таму для яго было прынцыпова важна — мець уласную думку. Капо падкрэсліваў:
“Для мяне галоўнае — мець уласную пазіцыю. Раю кожнаму рабіць тое ж. Не падпарадкоўвацца нікому. Развівацца інтэлектуальна. Менш глядзець тэлевізар.”
І гэтыя яго словы — не пустыя лозунгі, а асабісты заклік чалавека, які свядома зрабіў выбар і быў гатовы заплаціць за яго найвышэйшым коштам.
Тэкст: Дзмітро Толкачоў
Фота, відэа: Уладзімір Патола
Мантаж: Аляксандр Лось