Andriy Komynar 3rd ILDU

Гэта мая зямля, і мая вера – біцца за гэтую зямлю, – Андрэй Комынар

Перад пачаткам расейскага поўнамаштабнага ўварвання ён вярнуўся з-за мяжы, каб прайсці вайсковую падрыхтоўку, бо разумеў: хутка пачнецца. Скончыўшы кафедру падрыхтоўкі афіцэраў запасу Нацыянальнага ўніверсітэта абароны Украіны, Андрэй адразу далучыўся да войска. Легіянер валодае англійскай і іспанскай мовамі, разумее польскую і партугальскую, чытае на іўрыце. Умее карыстацца амаль усімі відамі стралковай зброі. Браў удзел у баях у раёне Бахмута, Часавага Яру, Славянска, Дружкаўкі, Канстанцінаўкі, на Купянскім напрамку. Свой радавод памятае больш чым да пятага пакалення, а рэдкія вольныя хвіліны прысвячае паходам у горы, напісанню кнігі і вырабу халоднай зброі. Для яго Інтэрнацыянальны легіён – гэта маленькая Запарожская Сеч, якая аб’ядноўвае лепшых па закліку сэрца.

Трэці легіён – падраздзяленне спецыяльнага прызначэння. Яго профіль – разведка і штурм. Але праз змену спецыфікі вайны легіянерам даводзіцца браць удзел і ў пазіцыйных дзеяннях:

 

 

Бахмут – гэта самыя страшныя і самыя цяжкія баі, якія наогул вяла любая армія, гэта было проста пекла, – успамінае мужчына. – Але нягледзячы на гэта, нашы байцы змаглі знішчыць жывую сілу ворага ў вельмі вялікіх колькасцях. Наш батальён дапамагаў 92-й брыгадзе праводзіць паспяховы контрнаступ на Харкаўскім напрамку. Там нашы хлопцы паказалі сябе як мага лепш. На жаль, былі і забітыя, і параненыя. Але батальён адрозніваецца тым, што ў нас не вялікая колькасць страт. Мы ваюем розумам, а не колькасцю, як гэта робіць наш вораг.

 

 

Вераць у Бога і ненавідзяць камунізм

 

 

У Інтэрнацыянальных легіёнах дзейнічае прынцып выкарыстання мовы баявога кіраўніцтва ў залежнасці ад складу каманды. Афіцэр займаўся рэкрутынгам і фарміраваннем адных з першых ва Украіне баявых групаў з добраахвотнікаў, якія гавораць па-іспанску:

 

 

Вельмі шмат нашых легіянераў з Калумбіі. Нягледзячы на даволі ліберальную пазіцыю іх улады, гэтыя людзі едуць ва Украіну, аддаюць сваё жыццё, здароўе, і як жаўнеры яны адны з найлепшых, з кім мне даводзілася працаваць. Вядома, украінцы – найлепшыя жаўнеры ў свеце, але я магу сказаць, што калумбійцы сапраўды вытрыманыя, мужныя, непатрабавальныя, не адмаўляюцца ад заданняў. Па сваім нацыянальным характары яны вельмі падобныя да ўкраінцаў. Яны маюць веру, больш за ўсё цэняць сям’ю, з павагай ставяцца да прыгатавання ежы, добра ведаюць, што такое камунізм, і таму гатовыя супраць яго змагацца. Бо ў Лацінскай Амерыцы калісьці была спроба ажыццявіць шэраг камуністычных пераваротаў. У некаторых краінах, як на Кубе, гэта атрымалася. У іншых – не. Гэтыя людзі разумеюць расейска-камуністычную пагрозу для свету і змагаюцца з ёй у нас, каб гэтага не адбылося ў іх краінах.

 

 

Бясстрашныя людзі робяць вялікія ўчынкі

 

 

Замежныя добраахвотнікі неаднаразова дэманстравалі неверагодныя баявыя магчымасці:

 

 

У лістападзе 2023 года я сабраў у нашым батальёне першую цалкам іспанамоўную групу. Гэтая група ўжо на трэцяй місіі зрабіла засаду на маскалёў і знішчыла, толькі па пацверджанай інфармацыі, 12 оркаў (хутчэй за ўсё – больш). Гэта былі расейскія зняволеныя, мабілізаваныя на фронт. Пры разумных дзеяннях мы можам знішчаць ворага, можам перамагаць. Потым былі іншыя калумбійская і бразільская групы. Яны заходзілі далёка ў тыл ворага і паказвалі, як бясстрашныя людзі могуць рабіць вялікія ўчынкі.

 

 

Пра тых, хто не дае страціць веру

 

 

Таксама ў шэрагах легіёну ваююць амерыканцы, бразільцы, італьянцы, немцы, выхадцы з Нарвегіі, Турцыі, Вялікабрытаніі і многіх іншых краін. Гэта амаль заўсёды людзі, якія разумеюць, што супрацоўніцтва таталітарных рэжымаў сёння ўяўляе пагрозу глабальнага маштабу:

 

 

Масковія пастаянна атакуе нас, знішчае нашу цывільную інфраструктуру, забівае нашых людзей: мірных, жанчын, дзяцей. Увесь свет гэта бачыць, і добраахвотнікі едуць сюды, каб спыніць забойствы, аднавіць справядлівасць, каб спыніць ворага і знішчыць яго. Брытанія цяпер сапраўды стала надзейным саюзнікам Украіны. Яны нас падтрымліваюць, і іх добраахвотнікі ваююць за Украіну. Бо супраць нас ваюе не толькі Масковія, але і такія краіны, як Кітай, Паўночная Карэя, Іран. Гэта краіны, якія адкрыта падтрымліваюць маскоўска-бальшавіцкую агрэсію. Краіны з камуністычным ладам чамусьці спрыяюць менавіта Масковіі. А нашыя сапраўдныя саюзнікі – гэта людзі, якія прыязджаюць сюды з турыстычнымі візамі. Людзі добрай волі, якія прыязджаюць ва Украіну, каб змагацца са сусветным злом. Гэтыя людзі плацяць не палітычнымі заявамі, не грашыма ці маёмасцю, а сваёй крывёю, нярэдка – жыццём. І мы сапраўды ўдзячныя ім, бо найдаражэйшае – гэта чалавечае жыццё. Іх учынкі – значна больш, чым падтрымка на полі бою. Гэта тое, што не дае страціць веру нам самім.

 

 

Пра мэты, матывацыю і оркаў

 

 

За гады вайны побач з замежнымі добраахвотнікамі легіянер добра вывучыў іх матывацыю:

 

 

Хтосьці кажа, што да нас едуць за грошы. Ніякія грошы не вартыя жыцця. Яны едуць сюды, каб дапамагчы Украіне, абараніць Еўропу, здабыць бяспеку для свету. І яны сапраўды добраахвотнікі. У Маскве ўжо плацяць больш за 50 тысяч долараў. Але вораг проста кідае сваіх жаўнераў на смерць. Расейцы не эвакуююць параненых нават пры магчымасці. Для іх гэта не мае значэння. Для іх важнае толькі наступленне. Гэта сапраўды оркі. Яны не маюць маральных прынцыпаў, за якія змагаемся мы.

 

 

Людзі – гэта найдаражэйшае, што ў нас ёсць

 

 

Выратаванне параненых пабрацімаў – адзін з самых цяжкіх відаў аперацый і вельмі паказальны фактар сёння, калі поле бою амаль цалкам кантралюецца дронамі:

 

 

Адзін з маіх жаўнераў страціў нагу ў баі, таму што назіральны пункт перад пазіцыямі ворага быў замінаваны. Параненага эвакуявалі. Мы не пакідаем сваіх байцоў на полі бою. Гэта адрознівае нас ад масковітаў, якія пакідаюць сваіх людзей, не эвакуююць іх. Для іх людзі – гэта мяса. Для нас людзі – гэта найдаражэйшае, што ў нас ёсць. Шмат разоў замежнікі і ўкраінцы ратавалі адзін аднаго, рызыкуючы ўласным жыццём. Салдат з 92-й брыгады, з якой мы працуем непасрэдна, з пазыўным “Джоні”, загінуў, калі эвакуяваў нашага замежніка з легіёну. Замежнік выжыў, а Джоні, на жаль, загінуў. Для нас нашыя сябры – гэта святое. Мы не здраджваем сябрам. Мы працуем разам плячо ў плячо і змагаемся з ворагамі.

 

 

Пра страх, светапогляд і самакантроль

 

 

Легіянеру даводзілася працаваць пад артылерыйскімі абстрэламі, авіяўдарамі, калі побач рваліся мінамётныя міны і касетныя боепрыпасы. Андрэй захоўвае філасофскі светапогляд у пытанні самакантролю:

 

 

Страх натуральны. Ён заўсёды прысутнічае. Але ў баявой сітуацыі я ніколі не лавіў сябе на думках “апынуцца дзесьці далей адсюль”. Трэба разумець, што гэта вайна: тут альбо пан, альбо прапала.

 

 

Пра 92-ю штурмавую

 

 

Баявыя дзеянні – цяжкае выпрабаванне. У сілу спецыфікі сучаснай вайны нячаста можна пачуць пахвальныя водгукі пра ўзаемадзейныя падраздзяленні. Але афіцэр высока цэніць прадстаўнікоў 92-й асобнай штурмавой брыгады, разам з якой звычайна выконвае задачы 3-ці Інтэрнацыянальны легіён:

 

 

У іх добра пастаўленая праца з дронамі, і мы не раз адчувалі, наколькі важная якасная падтрымка з паветра. Пяхота – цяпер асноўная сіла, якую трэба паставіць на занятыя пазіцыі. Мы штурмуем, заходзім, а хтосьці мусіць нас замяніць і трымаць гэтыя пазіцыі. Гэта складаная праца. Часам яна яшчэ складанейшая, чым штурм. І, на жаль, на вайне праблемы ў штурмавікоў з пяхотай традыцыйныя. Але 92-я брыгада вельмі добра з намі ўзаемадзейнічае. Яны нас не раз ратавалі, заўсёды імкнуліся своечасова ўвесці пяхоту, замацавацца. У іх пяхота на высокім узроўні. Хоць нярэдка ваююць людзі старэйшыя за 45 гадоў – гэтыя людзі ідуць і робяць працу. Яны займаюць пазіцыі, трымаюць іх да апошняга, не адступаюць перад ворагам. У 92-й вельмі магутныя пяхотнікі.

 

 

Братэрства вольных людзей

 

 

Але з асаблівым цяплом Андрэй адзываецца пра свой асобны батальён спецыяльнага прызначэння:

 

 

Для мяне Легіён – гэта братэрства людзей, якія выйшлі на сцежку вайны з нашым адвечным ворагам – Масковіяй, што хоча не толькі захапіць Украіну, але і заваяваць увесь Вольны Свет. Гэта братэрства вольных людзей. Гэта такая маленькая Запарожская Сеч, якая аб’ядноўвае ў сабе найкрашых па закліку сэрца. Калі б не гэты заклік, да нас не прыехалі б замежнікі. Яны б не ваявалі ў нашых шэрагах. Замежныя добраахвотнікі давяраюць украінцам. Я непасрэдна займаўся рэкрутынгам і ведаю, як гэта працуе, наколькі людзі хочуць ісці да нас. Як часта яны прыязджаюць з думкай апынуцца менавіта ў нашым 3-м Інтэрнацыянальным легіёне. Бо мы, як ні як, адны з найлепшых!

 

 

 

Тэкст, фота: Уладзімір Патола

 


Відэа, мантаж: Аляксандр Лось