Рарог: “Калі вы гатовыя секчы маскаля, сардэчна запрашаем у наш калектыў!”
Несупынны дух агню, што паўстае агнявым сакалам з віхуры маланак. Гэта Рарог - знішчальная зброя славянскіх багоў, якой раз’юшаныя нябесныя істоты выпальвалі старажытныя лясы і стэпы. Гэты грозны вобраз выбраў сваім пазыўным штаб- сяржант Рарог, камандзір узводу і інструктар па тактычнай падрыхтоўцы 4-га Інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны. Замест агнявых пёраў - маскіровачны піксель, замест полымянага дыхання - голас, ад якога вее спакоем. Стрыманы і няспешны, здаецца, ён усім сваім выглядам супярэчыць таму драпежнаму вобразу, якім назваўся. Аднак ягоная гісторыя не пакідае сумненняў: гэтая знешняя няўзрушанасць - толькі шчыльная абалонка ўнутранага полымя.
Рарог - украінец, за плячыма якога баявыя дзеянні яшчэ з 2014 года. Прайшоў Авдзееўку. Ваяваў у раёне паселішча Луганскае на Светладарскай дузе. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўдзельнічаў у баях пад Кіевам, на Харкаўшчыне і Данеччыне. Ягоны новы шлях - перадаваць свае навыкі замежнікам, якія далучаюцца да Інтэрнацыянальнага легіёна, каб вынікова скарачаць колькасць расійскіх акупантаў:
– Да нас прыходзяць розныя людзі. У некаторых ёсць баявы досвед у іншых краінах. Але гэты досвед, скажам так, недастатковы ва ўмовах сучаснай вайны. Адпаведна, мае веды даюць мне магчымасць іх скіраваць, падкарэктаваць і дапамагчы выжыць у гэтай вайне.
Падрыхтоўка ў Легіёне пабудавана паводле стандартаў НАТА, але арганічна дапаўняецца ўкраінскім баявым досведам. Такі падыход дазваляе эфектыўна трэніраваць навабранцаў, адаптуючы методыку да рэальнасцяў фронту:
– Трэніровачны працэс праводзіцца на трох узроўнях. У аснове - індывідуальныя навыкі. Потым - уменне працаваць у малых групах. І, урэшце, выкананне сітуацыйных задач, змадэляваных так, каб рэкруты маглі праявіць атрыманыя навыкі самастойна. Наша задача - дапамагчы ім на кожным этапе прааналізаваць свае дзеянні, улічыць памылкі і дасягнуць выніку.
Тактычная падрыхтоўка легіянераў абмежаваная ў часе. І, вядома, гэтага часу заўсёды не хапае. Таму праграма максімальна насычаная, а практыкаванні - надзвычай інтэнсіўныя менавіта дзеля таго, каб максімальна эфектыўна скарыстаць кожны дзень, кожную гадзіну трэніровак:
– Гэты прамежак часу мы спрабуем распланаваць паводле логікі “ад простага да складанага”. Спачатку вучым базу: як перамяшчацца ў баявых парадках, рэагаваць на кантакт, пераадольваць небяспечныя зоны. Потым падзяляем на малыя групы і трэніруем правядзенне абарончых і наступальных дзеянняў. Напрыклад, як правільна падыходзіць да траншэі, рабіць рывок і зачыстку, а таксама як займаць абарону. Асобную ўвагу надаём дзеянням у ўрбанізаванай мясцовасці (CQB). Аналагічна і з працай у траншэях - вучым, як правільна зачышчаць населеныя пункты і займаць там абарончую пазіцыю.
Вялікі выклік для інструктараў - арганізаваць трэніроўкі так, каб пагрузіць навабранцаў у рэальнасць, максімальна блізкую да франтавой. Для рэкрутаў, асабліва без папярэдняга армейскага досведу, гэта азначае адно: ледзяная ванна, у якую цябе кідаюць адразу з парога вучэбнага цэнтра. Мэта такога падыходу - зламаць да падмуркаў камфорт навабранца. Толькі так яго можна загартаваць да баявых умоў і псіхалагічна падрыхтаваць да першага кантакту. Але гэта можа выклікаць супраціў:
– Падчас падрыхтоўкі шмат курсантаў скардзяцца, што мы з іх здзекуемся. Але як толькі яны трапляюць на вайну, прызнаюць: “Было мала - трэба было болей”.
Тактычная падрыхтоўка - гэта перш за ўсё навучанне. Каб авалодаць ваджэннем, ці наўрад варта адразу сядаць за руль цюнінгавай “субару”. Цалкам хопіць патрапанага “форду”. Гэта тычыцца і зброі. Першыя заняткі навабранцы праходзяць на платформе АКМ. Гэта можа выклікаць пытанні, бо баявыя задачы яны будуць выконваць з іншымі ўзорамі зброі - пераважна з НАТАўскімі. Але мэта навучання - сфармаваць базавыя навыкі валодання стралковай зброяй. Калі навучыўся страляць, перазараджаць, чысціць, насіць “калаш” - то авалодаць CZ BREN 2 ужо справа тэхнікі:
– Ёсць пэўная праблема, што для навучання мы выкарыстоўваем АКМ-платформу. Але пасля завяршэння падрыхтоўкі ў кожным падраздзяленні прадугледжаны этап зладжвання, калі рэкруты адпрацоўваюць тактычныя дзеянні ўжо са штатнай зброяй. Таму падчас курса мы таксама знаёмім байцоў з актуальнымі ўзорамі ўзбраення, якія яны атрымаюць - у тым ліку CZ BREN 2, AR-платформай і кулямётам FN MAG.
Правілы вядзення гэтай вайны - і, верагодна, усіх наступных - перавярнулі дроны. Малюпасенькія FPV зрабілі такую ж рэвалюцыю, як калісьці танкі. Цяпер такое паняцце як “шэрая зона” - у мінулым. Пастаянная пагроза з неба перафарбоўвае шэрыя зоны ў чырвоныя. Непрыкметна рухацца па полі бою - раскоша. Выхад на “нуль” азначае толькі адно: за табой увесь час сочаць. Таму пастаяннае гудзенне над галавой - абавязковы фон трэніровачнага працэсу:
– Падчас падрыхтоўкі мы заўсёды задзейнічаем дроны. Па-першае, гэта нашы вочы ў небе, якія даюць матэрыял для аналізу дзеянняў рэкрутаў. Потым на падставе здымкі вучым іх планаваць свае дзеянні наперад - напрыклад, пры штурме акопа ці населенага пункта. Па-другое, так выпрацоўваецца навык рэакцыі на неба, на варожыя дроны. Яны павінны ведаць, як маскіравацца, як абараніцца ад гэтай пагрозы. Мы таксама праводзім навучанне аператараў. У нас ёсць двухдзённы курс, каб пры патрэбе кожны мог узляцець, сабраць інфармацыю, прааналізаваць яе і выкарыстаць для карэкціроўкі сваіх дзеянняў.
Задача інструктара - не толькі лаяць цябе, калі забыўся паставіць зброю на засцерагальнік. Быць інструктарам - значыць несці адказнасць за кожнага, хто прайшоў праз тваю падрыхтоўку. Яго праца не заканчваецца з апошнім днём трэніровак - бо вайна працягваецца, і досвед павінен перадавацца далей:
– Фактычна ўсе інструктары застаюцца на сувязі, нават калі ты ўжо на перадавой. Таму што для нас важны фідбэк. Вайна пастаянна мяняецца, і нам трэба разумець, дзе мы недапрацавалі, што трэба палепшыць, што змяніць у падрыхтоўцы.
У складзе Інтэрнацыянальнага легіёна - байцы з больш як 75 краін свету. У кожнага - свая матывацыя і свой шлях. Хтосьці хоча аднавіць веру ў дабро. Для кагосьці гэта проста праца, без якой яны не бачаць будучыні. А нехта прыходзіць з грамадзянскага жыцця без ніводнага дня ў арміі, але з непераадольным жаданнем выпрабаваць сябе на полі бою. Але перад тым, як трапіць на “нуль”, усе яны абавязкова пройдуць падрыхтоўку, падчас якой будуць мець гонар пазнаёміцца са штаб-сержантам Рарогам:
– Мы запрашаем усіх - як замежнікаў, так і ўкраінцаў. Тут мы дамо якасную падрыхтоўку, якая дапаможа вам выжыць на полі бою. Калі вы гатовыя секчы маскаля, сардэчна запрашаем у наш калектыў!